Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
З 4.02. па 08.02. 2019 года ў школе быў праведзены Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, мэтамі якога сталі:
- зацікавіць вучняў культурнай спадчынай беларускага народа;
- папулярызаваць цікавасць да роднага слова;
- пашыраць кругагляд вучняў па беларускай мове і літаратуры;
- выхоўваць павагу да гісторыі, культуры свайго народа;
- павысіць цікавасць вучняў да вывучэння прадметаў.
У рамках Тыдня прайшло шэраг мерапрыемстваў, якія вылучаліся:
- разнастайнасцю формаў правядзення абранага мерапрыемства;
- выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій;
- масавасцю; выкарыстаннем міжпрадметных сувязей
«Гучы, наша родная мова!”- такі быў яго дэвіз.
Мова — гэта душа народа, спосаб жыцця. Пакуль жыве беларуская мова, то жыве і нацыя, жыве Беларусь. Вымерла мова ў вуснах народа — вымер і народ. Невыпадкова мы далі такую назву нашаму Тыдню.
Не цурайся роднай мовы,
Што з калыскі навучыла маці,
Як для дрэва корань, так
і слова
Сілу, годнасць не дае
нам страціць.
А гэтыя словы сталі зваротным заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, спланаваных у рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры. Праз іх хацелася далучыць школьнікаў да багацця роднага слова, выклікаць жаданне вывучаць сваю мову, паважаць, любіць і берагчы яе.
У 5 класе праводзілася гульня-конкурс “Самы шчыры беларус”. Пяцікласнікі спрабавалі выявіць, хто ж у іх “самы шчыры беларус”. Радуе, што хацелі ім быць усе, а раз хацелі, то і абавязкова будуць.
Вучні 6 класа сталі ўдзельнікамі віктарыны “Не проста ў словы мы гуляем, на роднай мове размаўляем”. Рабяты падзяліліся на 2 каманды, выбралі капітанаў. Была каманда хлопчыкаў і каманда дзяўчынак. Яны спаборнічалі ў веданні беларускіх народных прыказак, адгадвалі загадкі, пісалі кінастужку, выяўлялі, хто лепш ведае беларускіх дзеячаў культуры і літаратуры, скульптурныя і архітэктурыя помнікі Усе заданні выконваліся хутка, з азартам. У напружанай барацьбе перамагла каманда дзяўчынак.
Сямікласнікі дэманстравалі ўменне аналізаваць літаратурны твор на ўроку “З.Бядуля “На Каляды к сыну”. Выразна чыталі па ролях, інсцэніравалі, падбіралі прыметнікі для характарыстыкі сэрца старой Тэклі, даказвалі, што яны сапраўдныя знаўцы і ўмельцы.
Вучні 8-11 класаў былі запрошаны на гульню “Шчаслівы выпадак” і пазакласнае мерапрыемства “Пагуляем у роднае слова”. У час правядзення гэтых мерапрыемстваў былі ствараны ўмовы для абагульнення ведаў вучняў, набытых на ўроках беларускай мовы і літаратуры, удасканалення навыкаў групавой работы, развіцця ў школьнікаў творчых здольнасцей, кемлівасці; выхавання любові да роднай мовы, цікавасці да моўнага багацця беларускага народа.
На працягу ўсяго Тыдня і вучні, і настаўнікі сталі ўдзельнікамі акцыі “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Кожны вучань атрымаў запрашэнне.
Спадзяёмся, што размаўляць па-беларуску нашы вучні будуць не толькі ў час акцыі.
Тыдзень мовы і літаратуры закончыўся, але вучні яшчэ доўга паміж сабой штосьці абмяркоўвалі, шукалі адказы на заданні, якія не ўдалося выканаць падчас правядзення Тыдня. І мы перакананы, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны прывіваюць любоў да роднай мовы. І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да беларускай мовы, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.